Logo Polskiego Radia
Print

"Як толькі пра гэта пачулі, вырашылі - едзем"

migracja
Administrator Administrator 13.04.2010 15:58
Сярод тых, хто ўшаноўвае ў Варшаве памяць ахвяр катастрофы прэзыдэнцкага самалёта, ёсьць і беларусы.

Сярод тых, хто ўшаноўвае ў Варшаве памяць ахвяр катастрофы прэзыдэнцкага самалёта, ёсьць і беларусы. Сёньня ранкам у польскую сталіцу прыехалі Віталь Чарняўскі й Ягор Касьцюкоў, беларускія музыкі, якія страцілі ў авіякатастрофе сваіх знаёмых. Каля Прэзыдэнцкага палаца ў Варшаве зь імі сустрэўся Дзьмітры Гурневіч.

Ягор, каго Вы ведалі сярод тых людзей, якія былі на борце самалёта?

Я. Касьцюкоў: Па-першае, гэтая бяда кранула кожнага чалавека й пакінула ў кожным сэрцы нейкі непрыемны адбітак. Кожны чалавек знайшоў там знаёмых, не мінула гэта й нас. Мы ведалі Стэфана Мэляка, зь якім даводзілася па жыцьці перасякацца. Там быў і мой былы рэктар Рышард Румянэк. Гэта быў шок. Мы зь Віталём раней плянавалі прыезд у Варшаву, але ня ведалі, што нагодай гэтаму стане такая трагедыя. Я ведаю людзей, якія ў імёнах загінулых знайшлі сваіх знаёмых. Цяжка казаць.

А дзе Вы пазнаёміліся са Стэфан Мэлякам?

Я. Касьцюкоў: Гэта было 8 гадоў таму на турыстычнай экскурсіі, якую ён праводзіў для нас. Цікавы чалавек. Вельмі непасрэдны. Цікавы размоўца. Былі моманты, калі мы ў нефармальнай абстаноўцы маглі пасядзець за куфлем піва й пагутарыць. Добры гісторык. Расказваў нам шмат цікавых рэчаў з нашай гісторыі, пра якія, у прынцыпе, кожны павінен ведаць, але ня ведае. Мы добра пасябравалі. Калі былі тут – тэлефанавалі.

Віталь, а Вы як даведаліся пра гэтую трагедыю?

В. Чарняўскі: Па дарозе на працу мне пазваніў Ягор і сказаў, што адбылося штосьці страшнае. Я патэлефанаў сябру ў Варшаву. Той мне адказаў, што загінула больш, чым 90 чалавек. Для мяне гэта была трагедыя. Прыйшоўшы на працу, я распавёў пра гэта сябрам. Мы не маглі ўявіць, што ў адзін момант ня стала столькі цудоўных людзей, цьвет нацыі. Тым больш, што адбылося гэта на катынскай зямлі. Мы зь Ягорам вырашылі прыехаць, каб аддаць даніну гэтым людзям. Каб падтрымаць людзей, якія страцілі блізкіх. Ня ведаю, ці суцешым мы іх, але хочацца быць разам зь імі.

А як у Беларусі людзі ўспрынялі гэтую трагедыю?

В. Чарняўскі: Усе людзі спачуваюць палякам. Для ўсіх гэта вялікае гора, якое нельга перадаць словамі. Адразу нам цяжка было паверыць. Але калі мы прыехалі ў Варшаву, то пабачылі, як моцна гэта закранула людзей. Няма словаў.

Я. Касьцюкоў: На вуліцах відаць, што людзі не ўсьміхаюцца. Людзі задумённыя, не жартуюць. Гэта кранула людзей вельмі моцна. Такога ніколі не было. Мы перажываем таксама, бо палякі – нашыя браты.

А як яшчэ Вы хочаце ўшанаваць іх памяць?

В. Чарняўскі: Пойдзем у касьцёл. Будзем маліцца за іх сем’і, бо шмат хто застаўся без бацькоў, дачок, сыноў. Цяжкая страта. Бяз Божай дапамогі зараз ніяк.

tags:
Copyright © Polskie Radio S.A О нас Контакты